традыцыйны комплекс бел.нар. адзення на Панямонні. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. ў Навагрудскім, Карэліцкім, Слонімскім і Лідскім р-нах Гродзенскай вобл. Аснову летняга жаночага гарнітура складалі кашуля-гарсоўка, андарак, фартух, гарсэт або бурносік. Кашулю-гарсоўку кроілі з гесткай, з прамым або сабраным на каўнерац рукавом, вузкім стаячым, утвораным брыжыкамі каўняром або без каўняра. Дробнаўзорысты геам. арнамент вышыўкі чырвонымі і чорнымі баваўнянымі ніткамі кампанаваўся ў вузкія паскі і размяшчаўся ўздоўж швоў злучэння гесткі са станам, па лініі разрэзу пазухі, на каўняры, нізе рукавоў. Андарак у клетку буйнога рапорту (найчасцей зялёна-блакітнага, зялёна-сіняга ці фіялетавага колераў) прасавалі ў буйныя складкі, падпяразвалі вузкім дэкар. поясам. Аднаполкавы фартух кроілі са скругленым нізам, аздобленым фальбонай. Гарсэт з чорнай шарсцянкі меў баску ў выглядзе 6—8 кліноў. Кароткі бурносік з белага валенага сукна шылі з маляўнічымі складкамі на спіне. Галаўныя ўборы — намітка або чорны ці чырвоны з круглымі вушкамі і ўзорыстымі шаўковымі стужкамі-завязкамі каптур, аздоблены па краях вушак каляровай аблямоўкай, парчовай тасёмкай, вышыўкай. Дзявочы галаўны ўбор — хустка з прышпіленай кветкай ці пяром. Шыю ўпрыгожвалі пацеркамі, стужкамі. Мужчынскае адзенне складалі кашуля, нагавіцы, камізэлька (з сіняй ці чорнай шарсцянкі з меднымі гузікамі, стаячым каўняром), касынка-каляшыйка. Галаўныя ўборы — саламяныя капелюшы, фуражкі. Верхнім адзеннем былі бурнос, сярмяга, капота, спанцэрка, кажух.
Літ.:
Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Навагрудскі строй. Маладуха ў верхнім адзенні з каптуром. Вёска Курылавічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобл.